ARTSphera.com.ua продажа и покупка произведений искусства картин работ мастеров

Русский Украинский Английский Немецкий Французский
Зарегистрировано: [1974] мастера, [366] посетителей.
Опубликовано: [32814] работы.

Поиск по:
RSS feed
Последние новости
Музей азиатского искусства Crow демонстрирует современную японскую керамику
Первая персональная выставка новых произведений художника Яна-Оле Шимана в Касмине открылась в Нью-Йорке
Выставка посвящена голове как мотиву в искусстве
МоМА получает большой подарок от работ швейцарских архитекторов Herzog & de Meuron
Выставка отмечает Андреа дель Верроккьо и его самого известного ученика Леонардо
Последние статьи
«Где командовали высшие существа: Генрих Нюссляйн и друзья» открывается в галерее Гвидо В. Баудаха
Новая экспозиция Высокого музея посвящена искусству южных backroads
Выставка в Глиптотеке предлагает скульптурную одиссею 1789-1914 годов
Первая большая ретроспектива американского фотографа Салли Манн отправляется в Хьюстон
Tate Modern открывает крупную выставку работ пионерской художницы Доротеи Таннинг
Neo-Op: выставка Марка Дагли открывается в галерее Дэвида Ричарда
Выставка новых работ американской художницы Кэтрин Бернхардт открывается в Ксавье Хуфкенс
Вид искусства
Живопись(22953)
Другое(3334)
Графика(3261)
Архитектура(1969)
Вышивка(1048)
Скульптура(617)
Дерево(445)
Куклы(302)
Компьютерная графика(281)
Художественное фото(273)
Дизайн интерьера(254)
Церковное искусство(196)
Народное искусство(193)
Бижутерия(119)
Текстиль (батик)(107)
Керамика(105)
Витражи(103)
Аэрография(74)
Ювелирное искусство(66)
Фреска, мозаика(64)
Дизайн одежды(61)
Стекло(57)
Графический дизайн(38)
Декорации(26)
Лоскутная картина(14)
Флордизайн(9)
Пэчворк(4)
Бодиарт(3)
Плакат(2)
Ленд-арт(2)
Театр. костюмы(0)
День рождения
Виктор Орел Борисович
Дмитрий Бодяев Юрьевич
Елена Кутняя Витальевна
Ирина Тесленко Андреевна
Каролина Павловна Гаспар
Коренная Елена Коренная
Наталья Остапенко Игоревна
Наталья Гарбузова Михайловна
Оксана Пенжукова Анатольевна
Ольга Флоренкаш Владимировна
Полезные ссылки
Ежевика - товары для рукоделия
Облако тегов
Система Orphus


Просмотров: 2332

Хрысціянскі гуманізм на Беларусі


Хрысціянскі гуманізм на Беларусі

Хрысціянскі гуманізм на Беларусі

 

Гуманізм (ад лацінскага humanus чалавечы, чалавечны), сістэма светапогляду, кірунак філасофскай і грамадска-палітычнай  думкі, паводле якіх чалавечая асоба ў яе гарманічных суадносінах з народам, нацыяй і грамадствам ёсць найвышэйшая каштоўнасць сацыяльнага быцця і культуры. Паняцце гуманізм у сучаснай гістарыяграфіі, філасофіі, сацыялогіі, мастацтвазнаўстве і культуралогіі тлумачыцца неадназначна. Да 20 ст. ў еўрапейскай навуцы і публіцыстыцы гуманизм звычайна ідэнтыфікаваўся са светапоглядам і культурай эпохі Рэнесанса, пераважала яго вузкае тлумачэнне як свецкага вальнадумства, стымуляванага адраджэннем антычнай культуры. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі ў творчасці пісьменнікаў і вучоных Ф.Петраркі, Дж. Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, мастакоў Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла і распаўсюдзіўся на іншыя рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.Мантэнь і Ф.Рабле ў Францыі, Ф.Бэкан і У.Шэкспір у Англіі, А.Дзюрэр і Эразм Рагэрдамскі ў Германіі, М.Сервантэс у Іспаніі).

Паводле швейцарскага гісторыка 19 ст. Я.Буркхарта, «Гуманісты» эпохі Рэнесанса імкнуліся да адраджэння антычнай культуры, адкрыцця ўнутранага свету чалавека, сцвярджалі ўладалюбства, рост індывідуалізму, гіпертрафію асабовага пачатку і нярэдка амаралізм, рэлігійнае вальнадумства, імкненне да энцыклапедызму ў творчасці і пазнанні. Энцыклапедызм, рацыяналізм, вальнадумства і этыка «разумнага эгаізму» — асноўныя прыкметы філасофска-антрапалагічных канцэпцый еўрапейскага Асветніцтва.

Як ідэалагічная і сацыяльна-палітычная апазіцыя да індывідуалістычнага і арыстакратычнага гуманізма часоў Рэнесанса і Асветніцтва сфарміравалася гуманістычная плебейская плынь утапічнага камунізму (Т.Мор, Т.Кампанела, Т.Мюнцэр у 16 — 17 ст., А.Сен-Сімон, Ш.Фур'е, Р.Оўэн у канцы 18 — пачатку 19 ст.), прадстаўнікі якой выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, буржуазнага грамадства, арыентаванага на эгаістычны асабісты інтарэс, марылі пра справядлівае грамадства, заснаванае на прыярытэце агульнанародных, грамадскіх інтарэсаў, роўныя магчымасці для працоўнага люду на ўсебаковае выяўленне сваіх творчых сіл.

У славянскім рэгіёне канца 18 —19 ст. сфарміраваліся і ярка выявіліся ў асветніцкай філасофіі, літаратурнай і грамадскай думцы, мастацтве крытычнага рэалізму самабытныя плыні рэвалюцыйна-дэмакратычнага і народніцкага гуманізму, арыентаванага на «сплачванне доўгу» народу інтэлігенцыяй і пануючымі саслоўямі, пабудову справядлівага грамадства без эксплуатацыі і сацыяльнай няроўнасці (А.Радзішчаў, В.Бялінскі, М.Дабралюбаў, М.Чарнышэўскі, Л.Талстой у Расіі, К.Каліноўскі, пісьменнікі і публіцысты «Нашай нівы» на Беларусі).

На Беларусі гуманістычная канцэпцыя свету, грамадства і чалавечай асобы самабытна і ў разнастайных формах выявілася на ўсіх этапах развіцця культуры, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. У дахрысціянскі перыяд гэта першабытная, натуральная гармонія чалавека з жыццёвым асяроддзем і наіўны «гомацэнтрызм» міфалагічнай свядомасці, паводле якой уся разнастайнасць прыроды і сусвет у цэлым уяўляўся па аналогіі з чалавечым жыццём.

У сярэдневяковы перыяд гісторыі Беларусі (канец 10—15 ст.) адбывалася засваенне духоўных адкрыццяў хрысціянства, іх сутнасць раскрылася ў спасціжэнні духоўнага прызначэння чалавека, яго свабоды ад «рабства» ў прыроды і вучэнні пра чалавека як завяршэнне зямнога быцця і боскага тварэння. Хрысціянскі гуманізм пранікаў у свядомасць сярэдневяковага беларускага грамадства праз рукапісную новазапаветную літаратуру (Тураўскае, Аршанскае, Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Жыровіцкае евангеллі), богаслужэнне і царкоўнае вучэнне, хрысціянскую літаратуруру (агіяграфічная літаратура, «Дыёптрыя», творы Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, дыдактычны зборнік «Пчала» і іншыя), свецкую літаратуру («Слова аб палку Ігаравым», перакладныя аповесці), разнастайныя жанры народнай творчасці (фальклор, прыкладное мастацтва, дойлідства), царкоўную архітэктуру, жывапіс, музыку.

Асаблівасць гуманістычнай культуры і грамадскай думкі на Беларусі эпохі Рэнесанса (16 — 1-я палова 17 ст.) — адсутнасць індывідуалістычных і элітарных канцэпцый чалавека, арыентацыя на гармонію асобы і грамадства, на адзінства веры і пазнання, царкоўнага і свецкага жыцця.

Пад уплывам Адраджэння распрацоўваліся найважнейшыя аспекты грамадска – палітычнай і філасоўскай думкі Беларусі. Крытыкаваліся пануючыя сацыяльна-палітычныя інстытуты; асэнсоўвалася неабходнасць грамадскіх перамен; прапаноўваліся праекты ўдасканалення сацыяльных адносін, дзяржавы, права; ставілася пытанне аб развіцці нацыянальнай культуры, роднай мовы, асваення духоўнай спадчыны іншых народаў (Скарына, М. Гусоўскі, М. Літвін, С. Будны, Якуб з Калінаўкі, М. Чаховіц, Волан, Л. Зізаній). Рэнесансава-гуманістычная скіраванасць мела ідэйна-тэарэтычнае абгрунтаванне барацьбы беларускага і ўкраінскага народаў супраць нацыянальна-рэлігіознага прыгнёту, каталіцкай экспансіі, уніі (С. Зізаній, М. Сматрыцкі, А. Філіповіч і інш.). У этыцы вылучыліся кірункі: памяркоўны хрысціянска-гуманістычны (Скарына, Гусоўскі, Волан, Сімяон Полацкі). радыкальны хрысціянска-гуманістычны (Якуб з Каліпаўкі, 3. Чаховіц) і атэістычны (К. Лышчынскі і інш.); выспявала рацыяналістычна-натуралістычная канцэпцыя маралі; паглыблялася ўласцівая Скарыне тэндэнцыя да разрыву сувязі паміж мараллю і афіцыйнай рэлігіяй, аўтанамізацыі этыкі; рэабілітавалася зямное быццё, праводзілася думка аб маральнай свабодзе чалавека, рэгулятарам паводзін называліся розум і сумленне, маральнымі дабрачыннасцямі — мудрасць, працалюбства, умеранасць, грамадская актыўнасць, служэнне агульнаму шчасцю. Эстэтыка разглядала перайманне як сінтэз аб'ектыўна-рэальнага і творчай фантазіі мастака, асэнсоўвала паняцці прыгожага, гераічнага, ідэальнага, трагічнага, камічнага; усведамлялася роля свабоды ў творчым працэсе; паказвалася неабходнасць для паэта прафссіяналізму, эрудыцыі; абвяшчалася эстэтычная вартасць роднай мовы (Скарына, Гусоўскі, С. Будны, В. Цяпінскі, Л. Зізаній, М. Сарбеўскі). У анталогіі ставіўся пад сумненне артадаксальны крэацыянізм; вялася рацыяналістычная крытыка і давалася натуралістычнае тлумачэнне біблейскіх цудаў; матэрыялістычна вырашалася праблема генезісу прыроды (С. Будны, С. Лован, К. Ляшчынскі). У генеалогіі і метадалогіі рабіліся спробы адмовіцца ад сляпой веры ў аўтарытэты, размежаваць кампетэнцыі веры і ведаў, тэалогіі і філасофіі, прызнаць індывідуальны розум асноўнай крыніцай пазнання; у інтэлектуальных зносінах і філасоўскім мысленні назіраліся рысы дыялогу.

Тыповым дзеячам культуры гуманістычнага кірунку быў асветнік, настаўнік, кнігавыдавец, дзяржаўны дзеяч Францыск Скарына. Сінтэз раннехрысціянскага і рэнесансавага гуманізма характэрны для этыкі і аксіялогіі Ф.Скарыны. Аснова грамадскага жыцця, прававой дзяржавы і маралі, на яго думку, ёсць абсалютны этычны пастулат Новага Запавету: «Вось усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабіце і вы ім». Беларускі асветнік называе яго натуральным, прыроджаным законам чалавечага жыцця і фармулюе не толькі ў пазітыўнай форме маральнага «прыказання», але і ў «адмоўным», прававым плане: «Людьское естество двоякмм законом бываеть справовано: от Бога, то есть прироженым, а написаным. Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть: То чинити иным всем, что самому либо ест от иных всех; и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети. А на том, яко на уднении, вси законы писаны н заложены суть... Сей закон прироженый написан ест в серци единого каждого человека». Грунтуючыся на гэтым гуманістычным імператыве, Скарына прапанаваў сваю сістэму заканадаўства і прававой дзяржавы.

У творах Скарыны своеасабліва  сінтэзаваліся антычныя і сярэдневяковыя традыцыі з ідыялогіяй еўрапейскага Адраджэння, хрысціянскі гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Патрыятычныя пачуцці Скарыны, ягонамаганні садзейнічаць усебаковаму духоўнаму і грамадскаму развіццю Айчыны не супярэчаць яго поглядам на гісторыю чалавецтва, права, заканадаўства, звычаі і традыцыі іншых народаў. Ен далекі ад рэлігійнага фанатызму, ваяўнічага місіянерства. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантасцю, а ў пражскіх выданнях – нават пэўнай неакрэсленнасцю. Сучасныя даследчыкі звяртаюць шмат увагі на характырыстыку асветніцкіх імкненняў Скарыны, яго павагу да свецкіх навуек, кніжнай справы, літаратуры мастацтва, пісьменства, духоўных здабыткаў старажытных часоў і эпохі Адраджэння.

На падставе аналізу яго літаратурна-асветніцкай спадчыны раскрываецца сінтэзуючы характар светапогляднай асновы культуры эпохі Адраджэння: яна не была ні простай рэстаўрацыяй антычнай навукі і мастацкай культуры, ні поўным адмаўленнем хрысціянскага і сярэдневяковага светапогляду. Гэта быў сінтэз хрысціянскага гуманізму з антычнай мастацкай і філасоўскай культурай, які стварыў якасна новую культуру, што стала зыходнай асновай для развіцця нацыянальных культур еўрапейскіх народаў. Арыгінальныя творы Скарыны нясуць на сабе адзнаку светапогляду пераходнай эпохі: яны грунтуюцца на традыцыйнай біблеістыцы і разам з тым тлумачаць Біблію ў рэчышчы рэнесансавай культуры — як вынік шматвяковага і драматычнага станаўлення чалавечай духоўнасці. Скарынава Біблія — першае ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў навукова-папулярнае выданне, разлічанае хутчэй на свецкага чытача, чым на літургічную службу. Светапогляд Скарыны характарызуецца кампрамісам паміж хрысціянскім этычным ідэалізмам і рэнесансавым рэалізмам, арыентаваным на зямное быццё і сацыяльную гармонію.

Гуманістычная этыка і прававыя ідэі Скарыны паўплывалі на Статуты ВКЛ, адзін з найбольш гуманных зводаў законаў у тагачаснай Еўропе, якія грунтаваліся на хрысціянскай справядлівасці, правах чалавечай асобы, прынцыпах доказнасці віны, суровай адказнасці за паклёп і дыфамацыю, прынцып выключна асабістай адказнасці, праве на выезд за мяжу «для пошуку сабе лепшай долі».

Ідэі грамадскай справядлівасці развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, Ю.Даманеўскі, А.Волан. Тыповы дзеяч таго часу — ідэолаг Рэфармацыі, пачынальнік беларускай палемічнай літаратуры Сымон Будны. Яго заслуга як пісьменніка і асветніка — у паслядоўнай барацьбе за інтэлектуальную свабоду, права на «іншадумства». Як выдавец і перакладчык ён развіваў традыцыі Скарыны, садзейнічаў развіццю беларускай літаратурнай мовы. У палеміцы з езуіцка-каталіцкай экспансіяй развівалася гуманістычная навука на беларускай і царкоўнаславянскай мовах, пераважна мовазнаўства з элементамі паэтыкі і рыторыкі (падручнікі славянскай мовы Л. Зізанія ў 1596 і М. Сматрыцкага ў 1618). Сымон Будны самым надзейным аўтарытэтам ў справах веры і пазнання лічыў Біблію. Крытэрый бібілейскай ісціны – індывідуальны розум і сацыяльна-прыродны вопыт чалавека. Рацыяналістычна-натуралістычна трактаваў паняцці замагільнага свету і пасмяротнай узнагароды, боскую тройцу, біблейскія цуды і іншае. Матэрыяльную субстанцыю лічыў першаснай адносна духоўнай. Высока цаніў культурна-філасофскую спадчыну антычнага свету. Яго рацыналістычнае вучэнне падрыхтавала глебу для развіцця на Беларусі атэістычнай і матэрыялістычнай думкі. Эстэтычным поглядам Сымона Буднага ўласцівы рыгарызм. Адзін з самых адукаванных філолагаў-гуманістаў свайго часу.

 Гуманістычным пафасам прасякнута творчасць новалацінскіх паэтаў Беларусі М.Гусоўскага і Я.Вісліцкага. На станаўленне гуманістычнага светапогляду 10—18 ст. паўплывала засваенне народамі Сярэдняй Еўропы, у т.л. беларусамі, антычнай свецкай культуры — у сярэднявеччы пераважна праз візантыйскі ўплыў на праваслаўны рэгіён, пазней, у перыяды Адраджэння, барока і Асветніцтва — праз рымска-каталіцкі касцёл, пераклады антычных пісьменнікаў і філосафаў, творчасць Сімяона Полацкага, М.К.Сарбеўскага, С.Буднага, І.Капіевіча, Б.Дабшэвіча, К.Нарбута, А.Доўгірда, іншых дзеячаў беларускай, літоўскай, польскай культур. Важнае значэнне для развіцця гуманізму на Беларусі мела развіццё свецкай паэзіі (творчасць А.Рымшы, Сімяона Полацкага і інш.), жывапісу, музыкі, тэатральнага мастацтва і архітэктуры ў 15 — пачатку 19 ст., тэорыя паэзіі і красамоўства (Я.Зізаній, М.Сматрыцкі, М.Сарбеўскі, Я.Фалькоўскі, Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Э.Славацкі і інш.). Свецкая гуманітарная навука і мастацкая культура рэабілітавалі красу прыроды і чалавека, яго творчай дзейнасці, імкнуліся гарманізаваць ідэалы і штодзённае жыццё, наблізіць духоўныя каштоўнасці да чалавечага фамадства.

У канцы 16 - 1-й палове 17 ст. ўзніклі 3 асноўных плыні  асветніцтве, літаратурыры і грамадскай думцы рэфармацыйна-рацыяналістычная (Будны і яго паслядоўнікі), нацыянальна-патрыятычная (К. Пашкевіч, А. Рымша, Сімяон Полацкі), уніяцкая і каталіцкая (I. Пацей, М. К. Сарбеўскі). Літаратурная творчасць і асветніцкая дзейнасць Сімяона Полацкага ўвасобілі ўзаемасувязі ўсходнеславянскіх, народаў, садзейнічалі  засваенню      грамадствам   здабыткаў антычнай і заходнееўрапейскай культур, фарміраванню ўсходнеславянскага стылю барока, які склаўся ў выніку сінтэзу рэнесансавай культуры і хрысціянскіх духоўных каштоўнасцей. Гуманістам па светапогляду і тэарэтыкам барока ў яго каталіцкай інтэрпрэтацыі быў польскі новалацінскі паэт, філосаф і літаратуразнавец Сарбеўскі (1595—1640), які выкладаў у Полацкай езуіцкай калегіі і на аснове сваіх лекцый напісаў даследаванне па тэорыі паэзіі, красамоўства і антычнай міфалогіі (надрукавана ў Польшчы ў 1954—72 у кнізе «Пра дасканалую паэзію...», «Лекцыі па паэтыцы», «Багі язычнікаў»).

У канцы 18 — 1-й палове 19 ст. пад уплывам французскай рэвалюцыі, нямецкай класічнай філасофіі і еўрапейскага утапічнага сацыялізму на Беларусі ўзніклі дэмакратычныя і сацыяльна-утапічныя плыні гуманістычнай думкі, накіраванай супраць прыгонніцтва, сацыяльнага нераўнапраўя, за пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысціянскай згоды і гармоніі (кніга Ю. Паўлікоўскага «Аб польскіх прыгонных», рукапіс віцебскага шляхціца Сямёна Зяновіча «Сапраўднае вучэнне аб правах асобнага чалавека і правах народаў», хрысціянска-сацыялістычная утопія Я.Яленскага «Добрая вестка Ізраілю Расійскаму...», тайнае «Дэмакратычнае таварыства» ў 1836—38 на чале з Ф.Савічам). На крытыцы буржуазна-ліберальнай тэорыі «асабістай карысці» грунтавалася гуманістычная грамадска-палітычныая і асветніцкая праграма таварыства філаматаў. У 19 ст. сфарміравалася нацыянальна-беларуская дэмакратычная плынь гуманістычнай думкі, што імкнулася вярнуць народу спрадвечныя гістарычныя і духоўна-культурныя каштоўнасці, адрадзіць яго нацыянальную самасвядомасць. Яна выявілася ў развіцці фалькларыстыкі і этнаграфіі, станаўленні новай беларускай літаратуры і мастацкай прафесійнай культуры (творчасць Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, У.Сыракомлі, Б.Дуніна-Марцінкевіча, А.Абуховіча), у духоўна-гуманітарным лідэрстве беларускіх пісьменнікаў, іх актыўным удзеле ў паўстанні 1863 — 64 на чале з К.Каліноўскім (сям'я Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіч) і барацьбе за нацыянальнае самавызначэнне беларускага народа (Цётка, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, пісьменнікі і публіцысты газеты «Наша ніва» і інш.). Пасля 1-й сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і распаду Расійскай імперыі былі гераічныя спробы рэалізацыі беларускай нацыянальна-гуманістычнай ідэі (абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі ў 1917—21).

У савецкай філасофіі і культуралогіі паняцце гуманізм празмерна сацыялагізавана, разглядалася з пункту погляду догмаў марксісцка-ленінскай ідэалогіі. Вузкакласавая пралетарская арыентацыя ў эканоміцы, грамадскім быцці і палітыцы, адмаўленне хрысціянскіх гуманістычных каштоўнасцей з пазіцыі вульгарнага матэрыялізму і атэізму, рух грамадства да сусветнага камунізму выдаваліся за «рэальны гуманізм», які проціпастаўляўся «абстрактнаму гуманізму» папярэдніх этапаў развіцця грамадскай думкі і культуры. Усё гэта вялося пад лозунгам «гуманізацыі грамадскіх адносін» і пабудовы бяскласавага камуністычнага грамадства, якое абвяшчалася канчатковым вынікам сусветна-гістарычнага развіцця па шляхах татальнай класавай барацьбы. Беларуская мова, літаратура, фальклор, народная мастацкая творчасць і нацыянальная мастацкая культура, нягледзячы на ідэалагічны і адміністрацыйны націск з боку КПСС—КПБ і паслухмяных ёй дзяржаўных і афіцыйных грамадскіх структур, заставаліся апошнім апірышчам беларускага гуманізму Пасля частковага пераадолення т.зв. «культу асобы Сталіна» і партыйна-бюракратычнага кантролю ў 2-й палове 1950 — 1-й палове 1960-х гадоў пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманістычных традыцый беларускай культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь.

 

Літаратура

 

 

1.    Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьскнй период). Мн., 1977.

2.    Конон, В. М. От Ренессанса к классицызму: (Становленние эстетической мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978.

3.    Очерки истории философской н социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973.

4.    Соколов, В. В. Очерки философии эпохи Возрожденния.   М., 1962.

5.    Качаноўскі, У.У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1994.

6.    Конан, У. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989.

7.    Лыч, Л., Навіцкі, У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1997.

8.    Падокшын, С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Мн., 1990.

9.    Парэцкі Я. І. Сымон Будны. Мн., 1975.

10.          Скарына і яго эпоха. Мн., 1990.

11.          Энцыклапедыя. Літаратура і мастацтва. Т. 1-5. Мн., 1984-1989.

12.     Энцыклапедыя. Гісторыя Беларусі. Т. 1-6. Мн., 1993-2000.

 

 

 

Opanasenko
Написал полезное: Opanasenko


ВВЕРХ

meta.ua Яндекс.Метрика

(c) Дизайн-група "Dolphins"